КАШТО́ЎНЫЯ ПАПЕ́РЫ,
дакументы, якія даюць іх уладальніку маёмасныя правы і права на атрыманне пэўных грашовых сум, даходаў. У залежнасці ад зафіксаваных у іх правоў адрозніваюць К.п. грашовыя (аблігацыі, вэксалі, чэкі і інш.), таварныя (канасаменты, складскія пасведчанні і інш.) і тыя, што замацоўваюць права ўдзельніцтва ў якой-н. кампаніі (акцыі, сертыфікаты на акцыі і інш.). У залежнасці ад спосабу вызначэння правамоцнасці асобы вылучаюць К.п. на прад’яўніка (уласнікам К.п. прызнаецца асоба, якая валодае дакументам), імянныя (у тэксце дакумента пазначана імя ўласніка), ордэрныя (прадугледжваюць магчымасць быць перададзенымі інш. асобе праз перадатачны надпіс на абаротным боку дакумента — індасамент). К.п. могуць быць аб’ектам куплі-продажу. Афармленне і рэквізіты К.п. павінны адпавядаць вызначаным патрабаванням. Гл. таксама Дзяржаўныя каштоўныя паперы.
т. 8, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)